У межах Мінска, каля Нацыянальнай бібліятэкі, знойдзены шкодны для Беларусі від амерыканскага паласатага рака. Пра гэта расказалі ў эфіры «Беларусь 1».
У нашую краіну ён трапіў з Польшчы. Упершыню яго знайшлі ў басейне Нёмана. Цяпер рака раз-пораз бачаць у Дняпроўска-Бугскім канале. Паводле ацэнак навукоўцаў, для нашых звычайных ракаў такія новыя суседзі — праблема.
— Гэтых ракаў часам самі людзі рассяляюць. Вось гэта вельмі кепска, — адзначыў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі гідрабіялогіі НПЦ НАН па біярэсурсах Анатоль Аляхновіч.
Спецыяліст падкрэсліў, што амерыканскі паласаты рак пераносіць хваробы, якія забіваюць мясцовыя віды (даўгапальцавага і шырокапальцавага ракаў). Перш за ўсё гаворка ідзе пра рачыную чуму.
— Не прыстасаваныя нашыя [ракі] пакуль да існавання ў асяроддзі гэтых хваробаў, — сказаў Анатоль Аляхновіч.
Чытайце таксама