Мінабароны і МЗС Беларусі падрыхтавалі і прадставілі польскаму боку падрабязныя звесткі аб’ектыўнага кантролю палётаў паветраных суднаў Беларусі, а таксама Польшчы 1 жніўня ў памежнай тэрыторыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.
«Дадзеныя аб’ектыўнага кантролю пацвярджаюць адсутнасць якіх-кольвек падставаў для абвінавачання ў парушэнні дзяржаўнай мяжы», — сцвярджае ведамства.
У Мінабароны заявілі, што беларускія верталёты выконвалі палёты на вышыні 150−200 метраў, а траекторыя палётаў не набліжалася больш чым на 1900 метраў да дзяржаўнай мяжы.
«Пры гэтым у той жа дзень польскі верталёт Мі-2 выконваў палёт за 200 метраў ад нашай мяжы, што пацверджаюць дадзеныя кантролю радыёлакацыйных станцый», — падкрэслілі ў ведамстве.
Там таксама адзначылі, што беларускі бок папярэджваў польскі пра планаваныя палёты верталётаў.
«Здзяйсненне якіх-кольвек правакацый у такой сітуацыі, калі перасоўванне паветраных суднаў адназначна адсочваецца сумежным бокам, відавочна нелагічнае. Падчас выканання палётаў вайсковым ведамствам ажыццяўлялася пастаяннае ўзаемадзеянне з дзяжурным авіяцыйнага руху дзяжурнай баявой групы Цэнтра паветраных аперацый камандавання кампанентам Паветраных сіл Рэспублікі Польшча, і якіх-кольвек прэтэнзій у наш адрас з яго боку не паступала», — дадалі ў Мінабароны.
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскай вёскай Белавежа ў Падляшскім ваяводстве паблізу польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. У аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэння паветранай прасторы зафіксавана не было, але ўвечары 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра тое, што парушэнне паветранай прасторы краіны беларускімі вайсковымі верталётамі ўсё ж адбылося. У МЗС Польшчы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі. Беларусь адхіліла абвінавачанні ў парушэнні паветранай прасторы Польшчы.
2 жніўня МЗС Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы і папрасіла «не нагнятаць сітуацыю».