У выніку перастрэлкі ў галаўным офісе Wildberries у Маскве (Расія) загінуў другі ахоўнік, пішуць РІА «Новости» і Forbes. Супрацоўнік кампаніі, які ў момант інцыдэнту знаходзіўся на месцы, расказаў выданню «Важные истории» падрабязнасці здарэння.
Паводле суразмоўцы «Важных историй», прыкладна апоўдні ахоўнікі офіса пачалі барыкадаваць уваход крэсламі, але гэта не дапамагло. Офіс-менеджарка ў гэты момант звярнулася да супрацоўнікаў кампаніі і абвясціла, што найбліжэйшым часам яны не змогуць выйсці з будынка.
Пасля гэтага ў офіс прыехалі людзі ў спецвопратцы, чачэнцы і мужчыны ў «салідных касцюмах», якіх прадставілі як адвакатаў, сцвярджае суразмоўца «Важных историй». Запісы з месца падзей пацвярджаюць гэтую інфармацыю: на іх відаць, як калідорам офіса ідуць каўказцы і людзі ў касцюмах. Чачэнцаў, са словаў супрацоўніка Wildberries, было «каля тузіна», а мужчын, якія суправаджалі іх, — менш за дзесяць.
«Адвакаты» занялі адзін з перамоўных пакояў і пачалі абмяркоўваць нешта, аднак іх размова была перапыненая прыбыццём паліцыі.
Усяго ў офіс прыехала каля дзесяці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, расказаў суразмоўца «Важных историй». Іх суправаджаў чалавек у цывільным.
Фізічнай агрэсіі сілавікі і «перамоўнікі» Уладзіслава Бакальчука адзін да аднаго не выказвалі, аднак паміж імі ўзніклі «слоўныя сваркі».
У адзін момант чачэнец перадаў мужчыну ў цывільным, які суправаджаў паліцэйскіх, мабільны тэлефон са словамі, што з ім хоча пагаварыць ці то дэпутат, ці то сенатар, — сцвярджае супрацоўнік офіса. Гаворка можа ісці пра паплечніка Рамзана Кадырава, дэпутата Адама Дэлімханава, мяркуюць «Важные истории».
Паводле суразмоўцы «Важных историй», мужчына, які суправаджаў сілавікоў, патлумачыў неназванаму парламентарыю праз тэлефон, што паліцэйскія «прыбылі з мэтай захавання грамадзянскага і грамадскага парадку і недапушчэння інцыдэнтаў».
Праз нейкі час усіх супрацоўнікаў офіса папрасілі пакінуць памяшканне.
— Нам з калегамі сказалі, што сёння і заўтра мы працуем дыстанцыйна. А ў офіс вернемся, калі паступіць распараджэнне, — паведаміў супрацоўнік.
Што адбываецца ў офісе цяпер — невядома. Уладзіслаў Бакальчук пакінуў галоўны офіс Wildberries, дзе адбывалася страляніна, разам са сваёй аховай і адвакатам. Сілавікі затрымалі каля дзесяці ўдзельнікаў канфлікту, паведамляе РІА «Новости».
Следчы камітэт Расіі завёў крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 105 КК РФ (Забойства), ч. 3 арт. 30, ч. 2 арт. 105 КК РФ (Замах на забойства дзвюх і больш асобаў), арт. 222 КК РФ (Незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі), арт. 317 КК РФ (Замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа), ч. 2 арт. 330 КК РФ (Самаўпраўства).
Паводле звестак ведамства, у выніку страляніны загінулі два чалавекі. Яшчэ сямёра атрымалі раненні. Сярод іх двое супрацоўнікаў паліцыі, якія «прыбылі на выклік для спынення супрацьпраўных дзеянняў».
У канфлікце пра падзел Wildberries могуць быць замяшаныя адзін сенатар і адзін дэпутат — Сулейман Керымаў і Адам Дэлімханаў, пішуць «Важные истории». Керымава называюць бенефіцыярам кампаніі RussOutdoor, якая ўваходзіць у бізнес Таццяны Бакальчук.
Канфлікт паміж Бакальчукамі пачаўся акурат праз зліццё Wildberries з гэтай кампаніяй — Таццяна выступае за гэты працэс, а яе муж Уладзіслаў — супраць.
Нагадаем, 30 ліпеня стала вядома, што дырэктарка Wildberries Таццяна Бакальчук падала заяву на развод са сваім мужам Уладзіславам. Развод адбываецца на фоне скандалу вакол кампаніі: муж уладальніцы 99% акцый Уладзіслаў Бакальчук скардзіўся кіраўніку Чачні (РФ) Рамзану Кадыраву на тое, што жонка нібыта «сышла з дому і звязалася з незразумелай кампаніяй», якая «выводзіць актывы». Кадыраў у сябе ў сацсетках назваў тое, што адбываецца, «рэйдарскім захопам» і паабяцаў «вярнуць у сям’ю» і Таццяну, і бізнес.